СО́Ф’Я ГАЛЬША́НСКАЯ, Соф’я Друцкая (па маці; 1405? — 21.9.1461),
польская каралева, жонка Ягайлы. Дачка кн. Андрэя Гальшанскага (Вязынскага) і Аляксандры Дзмітрыеўны Друцкай. Выхоўвалася ў Друцку ў дзядзькі Сямёна Друцкага. 24.3.1422 выйшла замуж за Ягайлу, каранавана ў Кракаве 12.2.1424. Нарадзіла 3 сыноў: Уладзіслава, караля Польшчы і Венгрыі (гл. Уладзіслаў III), Казіміра (памёр у дзяцінстве), Казіміра, вял. князя ВКЛ і караля Польшчы (гл. Казімір IV). Адыгрывала значную ролю ў паліт. жыцці Польшчы, вяла барацьбу за кароны для сваіх сыноў. У час панавання Казіміра была яго дарадцам. Непрыязна ставілася да інкарпарацыі ВКЛ у Польшчу, падтрымлівала гусіцкі рух. Вызначалася талерантнасцю, не парывала сувязей з літ.-бел. асяроддзем (пры яе двары знаходзілася правасл. шляхта). Пахавана ў Кракаве ў Вавельскім кафедральным касцёле ў капліцы св. Тройцы.
Літ.:
Bogucka М. Kazinrierz Jagielloriczyk i jego czasy. Warszawa, 1981;
Rudzki E. Polskie krolowie. T. 1. Żony Piastów i Jagiellonów. 2 wyd. Warszawa, 1990.
Л.П.Собалева.
т. 15, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)